У Лівіі над Бенгазі паўстанцы збілі ваенны самалёт

Сёння ранкам па паўднёва-ўсходняй частцы лівійскага горада Бенгазі нанесеныя два авіяўдары, паведамляе Agence France-Presse. Па інфармацыі BBC, самалёты таксама некалькі гадзін бамбілі заходнюю частку горада. Звестак пра ахвяры няма.

Следам за бамбёжкай былі зафіксаваныя некалькі ракетных удараў, меркавана, залпаў машыны рэактыўнай артылерыі "Кацюша". Паўстанцам удалося збіць адзін з самалётаў.

Нагадаем, 17 сакавіка Савет бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю, якая забараняе палёты над Лівіяй. Еўрапейскія краіны планавалі адправіць у паветраную прастору краіны свае знішчальнікі. Кадафі заявіў, што спыняе ваенную аперацыю супраць паўстанцаў і гатовы сесці за стол перамоваў. Нягледзячы на гэта, па некаторых дадзеных, урадавыя войскі пачалі ўварванне ў заходнюю частку Бенгазі.