У Лівіі загінулі 233 чалавекі, каля 900 атрымалі раненні (відэа)

У Лівіі дзяржава кінула супраць грамадзян краіны войска. Па дадзеных міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch, лік дэманстрантаў, якія загінулі ў сутыкненнях з войскамі, дасягнуў 233 чалавек. Такія дадзеныя арганізацыя атрымала на аснове апытанняў супрацоўнікаў лівійскіх лякарань.

Яшчэ каля 900 чалавек атрымалі раненні, піша ВВС.

Лекар, якая працуе ў горадзе, распавяла, што там пачалася"сапраўдная бойня". Яна ўдакладніла, што ў горадзе дагэтуль чутныя стрэлы.

Лекар, якая прадставілася як Браіка, распавядае, што большасць загінулых дастаўляюцца ў морг лякарні Джала з агнястрэльнымі раненнямі. "У 90% агнястрэльныя раненні ў галаву, шыю ці ў грудзі, галоўным чынам, у сэрца", – распавяла лекар.

Відавочцы кажуць, што войскі выкарыстоўвалі буйнакаліберныя кулямёты і нават ракеты.

Па неправеранай інфармацыі дэманстранты кантралююць вялікую частку Бенгазі.

Паступаюць таксама паведамленні, што ўрад накіраваў у горад элітныя часткі і атрады наймітаў з афрыканскіх краін.

Пратэсты таксама былі адзначаны ў іншых гарадах Лівіі на ўсходзе і на захадзе краіны.

Пілоты двух лівійскіх знішчальнікаў, якія прызямліліся на Мальце днём 21 лютага, папрасілі палітычнага сховішча, паведамляе Associated Press.

Баявыя самалёты здзейснілі пасадку ў міжнародным аэрапорце Мальты ў панядзелак. Паведамляецца, што абодва пілота знаходзяцца ў званні палкоўнікаў і з'яўляюцца грамадзянамі Лівіі. На допыце пілоты заявілі, што вырашылі бегчы з краіны пасля таго, як атрымалі загад пра бамбаванне дэманстрантаў у другім па велічыні горадзе Лівіі Бенгазі. Вайскоўцы выляцелі з авіябазы, змешчанай недалёка ад Трыпалі.