У лютым спрашчаецца ўезд у памежную зону Беларусі

Уезд у памежную зону Беларусі з 5 лютага спрашчаецца. Аб гэтым паведаміў намеснік начальніка аддзела ўпраўлення памежнай службы Дзяржпамежкамітэта Міхаіл Аксянюк.
Паводле яго слоў, неўзабаве набываюць моц новыя правілы наведвання памежнай зоны, у адпаведнасці з якімі грамадзяніну Беларусі дастаткова заплаціць дзяржпошліну ў памеры 7 тысяч рублёў і на любой памежнай варце па заяўляльным прынцыпе аформіць адпаведнае распараджэнне. Такія ж правы будуць мець і замежнікі і асобы без грамадзянства, якія стала жывуць у нашай краіне.  

Замежным грамадзянам, якія прыехалі ў Беларусь, неабходна будзе звярнуцца з заявай у Дзяржпамежкамітэт ці памежны атрад, дзе на працягу 5-7 дзён ім выдадуць пропуск на знаходжанне ў памежнай зоне, інфармуе БЕЛТА.

Адзначым, што Дзяржаўны памежны камітэт стаў таксама ініцыятарам скарачэння памежнай зоны з 50 км да 10-15 км.