У Магілёве партрэты неплацельшчыкаў вывесяць на бiлбордах

У Магiлёве плануюць вывесiць на рэкламных шчытах партрэты людзей, якiя не плацяць за камунальныя паслугi, піша "Звязда". У гарадскiм цэнтры гарадскiх iнфармацыйных сiстэм абмяркоўваюць новы праект, якi дапаможа спагнаць запазычанасцi па кватэрнай плаце. На пачатак гэтага года даўгоў назапасiлася на 2,5 мiльярда.

Летась цэнтр паспяхова правёў акцыю — на дзвярах кватэр злосных неплацельшчыкаў з'явiлiся налепкi. Як выявiлася, такi маральны нацiск больш плённы, чым угаворы, патрабаваннi i нават адключэннi.

Сёлета ў Магiлёве плануецца расклейваць партрэты злосных неплацельшчыкаў на канструкцыях гарадской вонкавай рэкламы. У цэнтры iнфармацыйных сiстэм зрабiлi нават вiдэаролiк, якi папярэджвае аб магчымасцi бясплатна пакрасавацца на бiлбордзе за няплату.