У Маларыце “на паперы” адрамантавалі дзіцячы садок за 190 мільёнаў рублёў

У Маларыце з ініцыятывы абласной пракуратуры распачата крымінальная справа па фактах крадзяжу ў сістэме адукацыі.

Пра гэта Еўрарадыё паведаміў былы дэпутат райсавета Ўладзімір Малей. Падазрэнне выклікаў безвыніковы і бестэрміновы рамонт у дзіцячым садку №.1. Ён меў закончыцца яшчэ да 1 верасня мінулага года, але выйшла, што сродкі ўжо вычарпаныя, праца зробленая толькі на паперы. А на вуліцы зіма. Скрадзеная сума ацэненая папярэдне ў 190 мільёнаў рублёў.

Уладзімір Малей:
“Дах накрылі, і гэта ўжо падарунак для Маларыты. Другая справа: а дзе ж грошы? Ну, ды няхай пракуратура з гэтым разбіраецца. Гэта ўжо не першая справа, звязаная з рамонтам у сістэме адукацыі Маларыцкага раёна… Думаю, што зноў знойдуць стрэлачнікаў. Іх і пакараюць”.

Між тым, у раённым аддзеле адукацыі Еўрарадыё сказалі, што дах над садком да Новага года ўжо накрыты, дамова з фірмай “Дом Паўлоўскіх” блізкая да завяршэння, і пра крымінальную справу нічога сказаць не могуць.

У раённай пракуратуры інфармацыю пра крымінальную справу пацвердзілі, але ад каментароў адмовіліся.