У Маскве прайшла акцыя памяці генерала Юрыя Захаранкі
Яе зладзілі каля беларускай амбасады. Акцыя доўжылася каля трох гадзін.
Мерапрыемства адбывалася ў выглядзе адзінкавых пікетаў, на якія не трэба дазволу ад гарадскіх уладаў. У пікетах прынялі ўдзел беларускія і расійскія актывісты. Яны трымалі ў руках плакаты з партрэтам Юрыя Захаранкі і патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці вінаватых у яго выкраданні.
Як інфармуе сайт charter97.org, паліцыянты ўвесь час прымушалі пікетоўцаў пакінуць тэрыторыю каля беларускай дыпмісіі. Па словах паліцыянтаў, беларускія дыпламаты пастаянна тэлефанавалі ў паліцыю і настойвалі на нейкіх мерах.
Нагадаем, што адзін з лідараў беларускай апазіцыі, экс-міністр, генерал Юрый Захаранка бясследна знік 14 гадоў назад, 7 траўня 1999 года. Справа не расследаваная дагэтуль.