У матчы чэмпіяната КХЛ мінскае "Дынама" саступіла "Ак Барсу"

У чарговым матчы чэмпіяната Кантынентальнай хакейнай лігі 11 снежня мінскае "Дынама" саступіла на сваёй пляцоўцы казанскаму "Ак Барсу" з лікам 1:4 (па перыядах: 1:2, 0:1, 0:1). У сваім пасляматчавым каментары трэнер "Дынама" Аляксандр Андрыеўскі зазначыў, што яго каманда змагла хаця б нешта супрацьпаставіць суперніку толькі ў першым перыядзе. "У другім і трэцім перыядах, у прынцыпе, у нас шанцаў не было... Два перыяды мы правалілі, адсюль і вынік", — цытуе трэнера "БелаПАН".

Першая сустрэча клубаў у Казані 14 лістапада таксама завяршыўся перамогай "Ак Барса" — 4:1.

Пасля 34 матчаў на рахунку "Дынама" 40 ачкоў (10 перамог у асноўны час, 1 у овертайме, 4 па булітах і 19 паражэнняў у асноўны час, 82 закінутыя і 105 прапушчаных шайб). У 12 сустрэчах каманда не здолела закінуць больш як адну шайбу, а ў 10 закідвала першай, але ў выніку прайгравала.

"Дынама" займае шостае месца ў дывізіёне Баброва, 10-е ў Заходняй канферэнцыі і 18-е ў агульнай табліцы.