У Мазыры на Прыпяці сутыкнуліся два прагулачныя караблі з людзьмі (відэа)
На шчасце, ахвяраў няма, але аднаму чалавеку спатрэбілася медычная дапамога.
Надзвычайнае здарэнне адбылося ў Мазыры ў суботу, 18 ліпеня. На Прыпяці сутыкнуліся два караблі — "Стрэжань" і "Смелы". Як паведамляе сайт odsgomel.org, на першым з іх гуляла вяселле. У гэты момант на павароце каля аўтамабільнага моста ў яго і ўрэзаўся "Смелы", які не змог узяць верны курс.
Начальнік Мазырскай ратавальнай станцыі Віктар Марціновіч кажа, што паведамленне ратавальнікі атрымалі каля 16-й гадзіны.
Марціновіч: "Аператыўна выехалі туды кацерам і лодкай — двума складамі. Выявілі на месцы здарэння, што караблі маюць пашкоджанні, але за бортам, у вадзе, нікога не было".
Аднаму з адпачывальнікаў спатрэбілася дапамога медыкаў. Але сур'ёзна ніхто не пацярпеў.
Цяпер спецыялісты высвятляюць прычыны, па якіх "Смелы" пратараніў заднюю частку "Стрэжня".