У Мінску адбываецца з'езд арганізацыі "Моладзь БНФ"

У Мінску праходзіць з'езд моладзевай арганізацыі Партыі БНФ "Моладзь БНФ". Па звестках БелаПАН, на з'езд прыбылі 64 дэлегаты з усіх абласцей краіны. Як паведаміў адказны сакратар "Моладзі БНФ" Антон Койпіш, на з'ездзе плануецца зрабіць удакладненні ў палажэнне аб прынцыпах і парадку дзейнасці арганізацыі, а таксама абраць новае кіраўніцтва "Моладзі БНФ". Выбары кіраўніцтва звязаныя з тым, што старшыня арганізацыі Франак Вячорка на цяперашні час праходзіць службу ва Ўзброеных сілах Беларусі. З моманту прызыву Вячоркі ў войска яго функцыі выконвалі намеснікі.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў з'езду звярнуўся лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які заявіў, што "Моладзь БНФ" павінна ўзяць на сябе частку працы партыі па прасоўванні ідэй партыі сярод моладзі і студэнтаў. Гэта, у першую чаргу, праблемы з жыллём, інтэрнатамі, прымусовым размеркаваннем і іншымі пытаннямі, якія сёння хвалююць маладых людзей.

Цяперашні старшыня "Моладзі БНФ" Франак Вячорка, які зараз служыць у войску, у сваім пасланні з'езду адзначыў, што ў апошні год арганізацыя жыла па інэрцыі. Арганізацыя фактычна не займалася працай з мэтавымі групамі і, найперш, са студэнтамі. "Напярэдадні прэзідэнцкіх і мясцовых выбараў, якія адбудуцца ў 2010 годзе, нам трэба вярнуцца да ўсім знаёмай працы: вучыцца раздаваць улёткі, хадзіць ад дзвярэй да дзвярэй, праводзіць агітацыйную кампанію, а не займацца вулічнымі перформансамі", — заявіў Вячорка.

Старшыня "Моладзі БНФ" таксама адзначыў, што цяпер ён падтрымае любога годнага чалавека на пасадзе кіраўніка арганізацыі. Аднак пасля дэмабілізацыі з войска, якая павінна адбыцца 26 ліпеня 2010 года, ён мае намер зноў балатавацца на пост кіраўніка "Моладзі БНФ".