У Мінску бастуюць “Ждановічы”, “Паркінг” і іншыя рынкі

Пра гэта Еўрарадыё паведаміла адна з прадпрымальніц, якая працуе на выставачным комплексе “Паркінг”. Паводле яе слоў, сёння не працуе гандлёвы цэнтр “Атлантык”, “Купалаўскі”, “Свелта”, а таксама палова прадпрымальнікаў “Еўропы”. Страйк адбыўся стыхійна. Цяпер да прадпрымальнікаў “Паркінга”, куды з’ехаліся гандляры з іншых рынкаў, прыехалі прадстаўнікі выканкаму. На дадзены момант ідуць перамовы.

Нагадаем, прычынай масавага страйка стаў указ прэзідэнта, які з 1 студзеня 2008 года забараняе прадпрымальнікам мець наёмных працаўнікоў апроч сваіх блізкіх сваякоў. Пры гэтым захоўваецца абмежаванне колькасці працоўных — не больш за тры чалавекі.

Страйк падтрымалі 30 тысяч прадпрымальнікаў са Слуцка, Светлагорска, Баранавічаў, Слоніма, Рэчыцы, Салігорска, Пінска, Бабруйска, Віцебска, Пружан, Узды, Барысава.

Фота — photo.bymedia.net