У Мінску дазволілі правесці пікет салідарнасці з Аляксандрам Казуліным

Мінгарвыканкам задаволіў адну з трох заявак Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) на правядзенне пікетаў салідарнасці з лідэрам партыі Аляксандрам Казуліным.
Пікет, які пройдзе 24 кастрычніка на вуліцы Арлоўскай, мае дзве заяўленыя мэты: патрабаванне аб вызваленні экс-кандыдата ў прэзідэнты і інфармаванне грамадзянаў аб дзейнасці партыі.

Фактычна, акцыя прымеркаваная да ўгодкаў пачатку 53-дзённай галадоўкі Казуліна ў калоніі. У той жа час гарадскія ўлады не далі дазволы на арганізацыю такіх акцый у парку Дружбы народаў і ў парку 50-годдзя Кастрычніка.

БелаПАН