У Мінску кіроўца-бяспраўнік зламаў відэарэгістратар у машыне ДАІ
Раней яго пазбавілі правоў за паўторнае перавышэнне хуткасці.
Сталічныя інспектары ДАІ сутыкнуліся з агрэсіўным кіроўцам-бяспраўнікам. 28-гадовага аўтамабіліста спынілі 26 красавіка на вуліцы Карвата. Падчас праверкі высветлілася, што ў яго няма правоў — адабралі ў пачатку года за паўторнае парушэнне хуткаснага рэжыму.
Яго запрасілі ў машыну ДАІ для складання пратаколу. Калі маладому чалавеку паведамілі, што яго машыну адправяць на штрафстаянку, у яго не вытрывалі нервы. Ён парваў складзены пратакол і пашкодзіў відэарэгістратар у салоне аўтамабіля.
У выніку бяспраўніка прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці за парушэнні правіл дарожнага руху, а таксама яго асудзілі за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Апроч таго, вырашаецца пытанне аб кампенсацыі шкоды за зламаны відэарэгістратар, паведамляе Onliner.by са спасылкай на ДАІ Партызанскага раёна Мінска.
Ілюстратыўнае фота з сайта news.21.by