У Мінску ледзь не адбылася вялікая катастрофа (відэа)

1 ліпеня ў Мінску на завулку Солтыса,5 на адкрытай пляцоўцы базы акцыянернага таварыства “Проммедінвест” адбыўся пажар.
Чорны дым ахутаў бліжэйшыя інтэрнаты ў раёне вуліцы Ваўпшасава. Праз гадзіну пасля ўзгарання пажар быў ліквідаваны.

Як паведамілі Еўрапейскаму радыё ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, шкодных выкідаў у атмасферу зафіксавана не было, пацярпелых няма.

Дзяжурны ў МНС: “Там на плошчы 80 квадратных метраў гарэла ў асноўным тара: картон, папера і драўляныя скрыні. Паведамленне паступіла ў 9.41, а ў 10.45 пажар быў цалкам ліквідаваны”

Побач з базай знаходзіцца запраўка, на якой у момант узгарання было 120 тысяч тон паліва. Калі б агонь перакінуўся на яе, ахвярамі выбуху маглі б стаць сотні людзей.

Прадпрыемства “Проммедінвест” займаецца пастаўкамі абсталявання, камплектуючых і матэрыялаў на прамысловыя прадпрыемствы Беларусі, а таксама пастаўкамі дарожна-будаўнічай, камунальнай і спецыяльнай тэхнікі вытворчасці “Амкадор” у Расію.

На самім прыдпрыемстве інфармацыю пра пажар не пацвердзілі, аднак адзначылі, што на базе знаходзяцца боксы з легкавымі машынамі і дарожнай тэхнікай.