У Мінску на прэм’еру фільма па Быкаву прыйшло два чалавекі

На прэм’еру фільма пастаўленага паводле аповесці Васіля Быкава “Асуджаныя на вайну” прыйшлі два чалавекі. Прычым адзін з іх — журналіст. Прэм’ера павінна была адбыцца ў чацвер ў кінатэатры “Піянер”, але была адменена, піша "Наша Ніва". Фільм зняты расійскім рэжысёрам Вольгай Жулінай паводле аповесці Васіля Быкава “Пайсці і не вярнуцца”. Не гледзячы на расійскае паходжанне экранізацыі, галоўная гераіня, разведчыца Зося, якую вырашае здаць у паліцыю закаханы партызан-перабежчык, размаўляе пераважна па-беларуску.

Паглядзець стужку яшчэ можна. У тым самым “Піянеры” фільм пакажуць на бліжэйшых выхадных, а таксама панядзелак, аўторак і сераду наступнага тыдня.

Пазней “Асуджаныя на вайну” пераедуць у кінатэатр “Салют”, дзе будуць ісці да канца наступнага тыдня.

Фота: kinopro.org