У Мінску пачала працаваць місія МВФ

3 лістапада ў Мінску прыступіла да працы аглядная місія Міжнароднага валютнага фонду. Эксперты прабудуць у Беларусі да 16 лістапада.
Як адзначае БелаПАН, гэта штогадовая місія. Яе мэты палягаюць у аглядзе эканамічнай палітыкі за папярэдні год і абмеркаванні з уладамі палітыкі на будучы год і сярэднетэрміновую перспектыву.

Бакі абмяркуюць пытанні грашова-крэдытнай, падаткова-бюджэтнай палітыкі і палітыкі валютнага курсу. Акрамя таго, будуць разглядацца пытанні структурных пераўтварэнняў і планы ўлады наконт структурных пераўтварэнняў на бліжэйшыя 3-5 гадоў.

Пытанне пра новую праграму крэдытавання stand-by у рамках працы місіі абмяркоўваць не плануецца.