У Мінску паставяць помнік Уладзіміру Караткевічу

У Мінску на працягу 2010—2011 гадоў плануецца паставіць помнік класіку беларускай літаратуры Ўладзіміру Караткевічу (26.11.1930—25.07.1984). Гэта прадугледжана планам падрыхтоўкі і імпрэзы 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, інфармуе БелаПАН. У плане, зацверджаным міністрам культуры Паўлам Латушкам, адзначана, што помнік павінен быць пабудаваны на сродкі рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, а адказнасць за выкананне ўскладзеная на Мінкультуры і Мінгарвыканкам.

У план увайшлі мерапрыемствы па добраўпарадкаванні дома-музея Караткевіча ў Оршы (Віцебская вобласць), мемарыялізацыі і добраўпарадкаванні тэрыторыі і месцаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю пісьменніка, размяшчэнні на вуліцах сталіцы білбордаў з яго партрэтам і надпісам "80 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры У.Караткевіча", а таксама па правядзенні шэрагу выставаў, у тым ліку ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Прадугледжваецца выпуск памятнага канверта з арыгінальнай паштовай маркай і яго спецгашэнне ў Оршы, правядзенне ўрачыстых вечароў, у тым ліку ў сталічным Доме дружбы, канцэртаў, падчас якіх прагучаць творы на вершы Караткевіча, паказ спектакляў па яго творах, стварэнне фільмаў — дакументальнага "Ён жыў Беларуссю", чатырохсерыйнага тэлевізійнага мастацкага і кінаверсіі паводле рамана пісьменніка "Каласы пад сярпом тваім", а таксама розныя мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі.