У Мінску працуе дзіцячая мастацкая выстава да юбілею Грунвальдскай бітвы

Дзіцячая мастацкая выстава, прысвечаная 600-годдзю бітвы пад Грунвальдам, адкрылася 13 ліпеня ў сталічнай сядзібе Партыі БНФ. Як паведамляе БелаПАН, у экспазіцыі прадстаўленыя малюнкі і карціны дзяцей рознага ўзросту з розных рэгіёнаў Беларусі. Яны адлюстроўваюць гістарычную тэматыку.

На адкрыцці выставы выступіў яе куратар мастак Мікола Купава - сябра аргкамітэту па святкаванні юбілею Грунвальдскай бітвы. Ён паведаміў, што аргкамітэт распрацаваў эскізы плакатаў, прысвечаных юбілею перамогі пад Грунвальдам. Па яго словах, электронныя варыянты гэтых эскізаў аргкамітэт спрабаваў перадаць у Мінгарвыканкам, каб надрукаваць плакаты і размясціць іх у сталічным грамадскім транспарце. Аднак да юбілею ініцыятары не змаглі ўручыць гарадскім уладам гэтыя эскізы, бо прадстаўнікоў аргкамітэта запісалі на прыём да чыноўніка Мінгарвыканкама толькі на канец месяца.

Выстава працуе да 8 верасня.