У Мінску працягнецца суд над удзельнікамі акцый пратэсту

Суд над 10-цю ўдзельнікамі студзеньскіх акцый пратэсту ў сталіцы працягнецца сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Мінску. Ён пачнецца ў 10.30.
Нагадаем, на лаве падсудных Андрэй Кім, Міхаіл Пашкевіч, Аляксей Бондар, Уладзімір Сяргееў, Арцём Дубскі, Алесь Стральцоў, Андрэй Чарнышоў, Антон Койпіш, Міхаіл Крываў і Таццяна Цішкевіч. Прычым, Кім - адзіны, хто сядзіць у судовай клетцы.

Учора былі дапытаныя абвінавачваныя. Яны не прызналі свае віны, частка з іх адмовіліся даваць паказанні, спасылаючыся на канстытуцыйныя правы. Таксама былі дапытаныя сведкі з боку абвінавачання, але толькі праваахоўнікі, якія затрымлівалі Кіма, сведчылі супраць яго, іншыя такіх сведчанняў не далі.

Чакаецца, што раніцай у чацвер вырашыцца пытанне з допытам сведкаў з боку абароны.