У Мінску прайшла прэзентацыя кнігі, прысвечанай айцу Надсану
У Мінску 21 кастрычніка прайшла прэзентацыя кнігі-святапіса "Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца", прысвечанай уніяцкаму святару айцу Аляксандру Надсану. Паводле духоўнага ўплыву на незалежную беларускую грамаду айца Надсана параўноўваюць з Далай-ламай. Паводле інтэлектуальнага ўплыву — гэта адзін з выдатных беларускіх мысляроў, чый унёсак у развіццё палітычных і гуманітарных даследаванняў Беларусі грандыёзны. Гэта амаль 600-старонкавае выданне, якое выйшла летась у сталічным выдавецтве “Тэхналогія”. У кнігу ўвайшлі артыкулы па беларусістыцы і багаслоўю ў гонар 80-годдзя святара і 50-годдзя яго служэння. 100 аўтараў з 14 краінаў “ахвяравалі” айцу Надсану свае навуковыя даследаванні, а таксама вершы. Гэтая ўнікальная кніга ўяўляе сабой зрэз сучаснай беларускай думкі і сусветнай беларусістыкі, паведамляе БелаПАН.