У Міжземным моры працягваюцца пошукі абломкаў самалёта EgyptAir
У Міжземным моры працягваецца маштабная аперацыя па пошуку абломкаў самалёта А320 авіякампаніі EgyptAir, які ў ноч на чацвер знік з радараў перад прызямленнем у аэрапорце Каіра.
У аперацыі прымаюць удзел караблі і авіяцыя Егіпта, Грэцыі, Вялікабрытаніі, Францыі, Кіпра, Італіі і ЗША. У чацвер увечары прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі заклікаў інтэнсіфікаваць пошукі, каб знайсці абломкі.
Раней паступалі паведамленні, што ля берагоў Грэцыі знайшлі абломкі, якія маглі належаць знікламу самалёту, аднак пакуль няма доказаў, што гаворка сапраўды пра лайнер EgyptAir.
Самалёт А320 авіякампаніі EgyptAir, які выконваў рэйс MS804 з Парыжа ў Каір, знік з радараў адразу пасля таго, як увайшоў у паветраную прастору Егіпта. На борце самалёта знаходзіліся 66 чалавек, у тым ліку 56 пасажыраў. Сярод іх 30 грамадзян Егіпта, 15 грамадзян Францыі і прадстаўнікі яшчэ 10 дзяржаў.
Егіпецкія ўлады заявілі, што найбольш верагоднай версіяй здарэння з’яўляецца тэракт. Аднак ніводная з экстрэмісцкіх груповак пакуль не ўзяла на сябе адказнасць за інцыдэнт, перадае ВВС.