У Мядзеле карупцыя закранула школьных прыбіральшчыцаў

Мядзельскія міліцыянты пачалі крымінальную справу на прыбіральшчыцу СШ №2 Мядзела. Яна прапанавала пасярэдніцкія паслугі для перадачы хабару чыноўнікам райвыканкама. Школьная прыбіральшчыца ўгаварыла прадавачку мясцовай крамы даць хабар аднаму з кіраўнікоў Мядзельскага райвыканкама за дапамогу ў прыватызацыі кватэры. Хабарам мусілі стаць прадукты харчавання і трохі грошай — агулам каля 270 тыс. рублёў. Мяркуючы па ўсім, як піша інтэрнэт-выданне "Ежедневник", ні сама прыбіральшчыца, ні яе кліент не падазравалі, што такіх коштаў у Беларусі даўно няма.

Тым не менш недарэчную спробу зарабіць на карупцыі заўважылі мядзельскія міліцыянты. На прыбіральшчыцы пачалі крымінальныя справы па падазрэнні ў махлярстве (бо наўрад ці хтосьці з чыноўнікаў райвыканкама мог паквапіцца на такі хабар) і падбухторванні да дачы хабару.