У Мюнхене пачынаецца гучны працэс над "Нацыянал-сацыялістычным падполлем"
Такога маштабнага працэсу над правымі тэрарыстамі ў паваеннай гісторыі Нямеччыны яшчэ не было.
Справу разглядае Вярхоўны зямельны суд Мюнхена. Па ёй праходзяць пяць чалавек, сярод іх вылучаецца 38-гадовая Беатэ Чэпе (на здымку), на рахунку якой каля дзясятка забойстваў. Праўда, сама яна не забівала — арганізоўвала акцыі і забяспечвала тэрарыстаў усім неабходным. Аднак судзіць Чэпе будуць менавіта за забойствы — следства прыйшло да высновы, што без яе ўдзелу злачынствы былі б немагчымыя.
Як паведамляе РІА "Новости", групоўка неанацыстаў была заснаваная ў 1998 годзе. На яе рахунку забойствы дзевяці мігрантаў з Турцыі і Грэцыі, а таксама супрацоўніцы паліцыі, ды шэраг рабункаў.
Двое ўдзельнікаў групоўкі скончылі жыццё самагубствам у 2011-м. Яшчэ чацвёра чалавек, што праходзяць па справе разам з Беатэ Чэпе, не ўваходзілі ў "Нацыянал-сацыялістычнае падполле", але дапамагалі яму.
Фота — AFP