У Нараўлянскім раёне ў зоне адчужэння знайшлі памерлага ўкраінца
Мяркуецца, што жыхар Жытомірскай вобласці Украіны пакутаваў ад псіхічнага захворвання і памёр сваёй смерцю.
У Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці ў зоне адчужэння знайшлі астанкі мужчыны. На іх натрапіў мясцовы ляснік. Мяркуецца, што гэта жыхар Жытомірскай вобласці Украіны, 1985 года нараджэння. Пры ім знайшлі пасведчанне інваліда 2-й групы, выдадзенае ўкраінскай пенсійнай службай, ліхтарык, 6 CD-дыскаў, украінскія манеты, заплечнік і мабільны тэлефон, інфармуе БЕЛТА.
Як стала вядома, ва Украіне мужчына знаходзіўся ў вышуку з 2010 года як зніклы без вестак. Мяркуецца, што ён пакутаваў ад псіхічнага захворвання.
Начальнік упраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі УУС Гомельскага аблвыканкама Віктар Чыкуноў кажа, што ў зону адчужэння ўкраінец мог патрапіць не раней, як два месяцы таму. Мужчына найхутчэй памёр сваёй смерцю. Аднак канчатковыя высновы будуць зробленыя пасля атрымання вынікаў экспертызы.
Фота: bymedia.net