У немагчымасці дазваніцца ў “хуткую” Белтэлекам абвінаваціў тэхніку

Амаль 40 хвілін немагчыма было датэлефанавацца на нумары экстраных службаў з-за тэхнічнага збою абсталявання. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла супрацоўніца групы па інфармацыі і камунікацыі Белтэлекама Марыя Сталярова. Марыя Сталярова: “Гэта чыста тэхнічны збой, збой абсталявання, і такога не было вельмі даўно на самой справе”.

Па словах супрацоўніцы Белтелекама, гаворка пра тое, што сувязі не было цалкам, не адпавядае рэчаіснасці.

Марыя Сталярова: “Сцвярджэнне, што сувязь адсутнічала цалкам, не адпавядае рэчаіснасці. У нас на такі выпадак заўсёды прадугледжаны запасныя варыянты. І гэтым разам усе людзі, якія званілі на кароткія экстраныя нумары, яны аўтаматам пераадрасоўваліся на звычайныя нумары. Так што пэўная колькасць людзей дазванілася”.

А дазваніліся за гэтыя 40 хвілін 22 чалавекі ў “хуткую дапамогу”, 19 — у міліцыю і 1 — у “Мінгаз”.

У той жа час кіраўнік прэс-службы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі кажа, што гэта іх заслуга — што хоць хтосьці ў гэтыя 40 хвілін дазваніўся туды, куды яму было трэба.

Віталь Навіцкі: “Нам давялося цягам некалькіх хвілінаў арганізаваць працу, тэрмінова звязвацца з аператарамі сотавай сувязі, з Белтэлекамам, каб забяспечыць гэты механізм пераадрасацыі. Каб калі чалавек набірае з мабільнага альбо гарадскога 103, ён трапляў на наш гарадскі сямізначны нумар гарадскога ўпраўлення МНС. А далей мы ўжо па прамой тэлефоннай сувязі гэты выклік перанакіроўвалі ў адпаведныя службы”.

Супрацоўніца Белтэлекама кажа, што ў іх зараз вырашаюць, як засцерагчыся ад паўтору сённяшняга надзвычайнага здарэння.

Марыя Сталярова: “Будуць правяраць абсталяванне. Магчыма, нейкія яго часткі падлягаюць мадэрнізацыі”.

Праўда, параіла не спадзявацца на тое, што абсталяванне возьмуць і заменяць ужо заўтра. Прынамсі, гэтага не адбудзецца да таго часу, пакуль цалкам не завершыцца ўнутранае расследаванне.