У Парыжы сканаў Іў Сэн-Ларан

Французскі дызайнер і мадэльер Іў Сэн-Ларан памёр увечары ў нядзелю ў Парыжы ва ўзросце 71 года. Як паведамілі ў фондзе "П'ер Бержэ – Сэн-Ларан", смерць наступіла ў 23:10 па парыжскім часе. Прычына смерці пакуль не ўдакладняецца. Па некаторых звестках, апошнія некалькі гадоў Сэн-Ларан хварэў.

Іў Анры Донат Мацье Сэн-Ларан нарадзіўся ў 1936 годзе ў Алжыры, калі гэтая дзяржава лічылася часткай Францыі. У 17 гадоў ён прыехаў у Парыж з шырокім партфоліо і неўзабаве атрымаў вядомасць і некалькі ўзнагарод у галіне дызайну.

У 1954 годзе Сэн-Ларан паступіў на працу ў дом моды Крысціяна Дзіора, а затым, калі ў 1957 годзе куцюр'е памёр, узначаліў яго кампанію.

У 1960 годзе Сэн-Ларан быў закліканы ў войска і адпраўлены ваяваць у Алжыр, дзе ў той час ішла вайна за незалежнасць. Аднак менш, чым праз тры тыдні яго камісавалі па здароўі. Вярнуўшыся ў Парыж, мадэльер даведаўся, што Dior ужо падабраў яму замену.

Перажыўшы нервовы злом, у 1962 годзе Сэн-Ларан заснаваў уласны дом моды. Яго блізкі сябра П'ер Бержэ займаўся пытаннямі бізнесу, у той час як мадэльер распрацоўваў новыя тэндэнцыі ў вопратцы.

Па словах куцюр'е Крысціяна Лакруа, сакрэт поспеху Сэн-Ларана складаўся ў яго хвалюючай разнастайнасці. Іншыя вялікія дызайнеры працавалі ўнутры аднаго стылю, а Сэн-Ларан умеў спалучаць "форму Шанэль, раскошу Дзіора і дасціпласць Ск'япарэлі".

У 2002 годзе Сэн-Ларан абвясціў, што вырашыў завяршыць кар'еру куцюр'е і прадаць дом мадэляў, які ў выніку перайшоў кампаніі SLPB Prestige Services. Вывучэннем спадчыны дому Yves Saint Laurent займаецца створаны партнёрамі фонд "П'ер Бержэ – Сэн-Ларан".

Фота: www.mydress.ru