У Пінску будуюць рачны суперлайнер, які будзе курсіраваць у Кіеў

Замову на пабудову рачнога "суперлайнера" ўзяў Пінскі суднабудаўнічы завод. Падрабязнасці паведамляе наш карэспандэнт Глеб Паўлоўскі:

"Гэта будзе вялікае круізнае судна з трыма палубамі. На новым караблі зробяць 25 камфартабельных люкс-кают на 50 месцаў. Акрамя таго, сваеасаблівы плаваючы гатэль будзе абсталяваны танцпляцоўкай, кінатэатрам і саўнай з басейнам-джакузі. Плануецца, што рачны “суперлайнэр” будзе хадзіць па маршруце Брэст – Пінск – Мазыр – Кіеў".

Адзначым, што пінскае прадпрыемства не першы раз бярэцца за гіганцкія праекты. Напрыклад, менавіта на гэтым заводзе быў зроблены вялізны металічны зубр, які стаіць на мяжы Брэсцкай і Мінскай абласцей. А з Брэста пінчукі атрымлівалі замову на пабудову гіганцкай металічнай паходні з алімпійскай сімволікай.