У Полацкім раёне ўшанавалі памяць рэпрэсіраванага фалькларыста

Памятны знак у гонар 130-годдзя са дня народзінаў фалькларыста Антона Грыневіча ўсталяваны у вёсцы Шпакоўшчына Полацкага раёну. 
Падрабязнасці паведамляе нашая карэспандэтнка Ядвіга Сташэўская:

“Дзесяцітонны валун, на якім умацавана чорная гранітная пліта з датамі жыцця і смерці Антона Грыневіча, з'явіўся у вёсцы клопатам мясцовых краязнаўцаў пры падтрымцы раённай улады. У гонар славутага земляка у Шпакоўшчыне было наладжана фальклёрнае свята”.

Антон Грыневіч не толькі сабраў некалькі соцень беларускіх песень і дзіцячых гульняў, але і сам пісаў музыку, стварыў праграму-інструкцыю для збіральнікаў фальклёру, выдаў некалькі спеўнікаў і першы беларускі падручнік па музыцы.

У трыццатыя гады Грыневіч, які паходзіў з шляхецкага роду, быў рэпрэсіраваны і асуджаны на 10 гадоў зняволення. Памёр Антон Грыневіч у 1937 годзе, а праз дваццаць гадоў быў пасмяротна рэабілітаваны.