У Рагачове створаны аргкамітэт грамадскага аб'яднання "Справядлівы горад"
Дакументы на рэгістрацыю будуць пададзены ў хуткім часе.
У Рагачове створаны аргкамітэт грамадскага аб'яднання "Справядлівы горад". Як паведаміў БелаПАН адзін з ініцыятараў стварэння новага аб'яднання, дэмакратычны актывіст Дзяніс Дашкевіч, дакументы на рэгістрацыю будуць пададзены ў хуткім часе.
Па яго словах, сярод задач стваранай арганізацыі — аб'яднанне ўсіх дэмакратычна настроеных жыхароў Рагачова, выпуск незалежнай раённай газеты, арганізацыя разнастайных акцый, а таксама актыўны ўдзел у выбарчых кампаніях і палітычнага жыцця горада.
Пакуль у склад аргкамітэта ўваходзяць пяць чалавек, але яго фармаванне працягваецца. Хуткім часам плануецца зацвердзіць статут і сімволіку арганізацыі, а таксама азначыць праграму дзеянняў.
Дашкевіч таксама паведаміў пра стварэнне грамадскімі актывістамі Рагачова інфармацыйнага партала — rogachev.3dn.ru. На ім плануецца размяшчаць навіны не толькі Рагачова, але і Гомельскай вобласці, Беларусі, свету.