У Расіі "праваслаўныя актывісты" напалі на музыкаў Marilyn Manson (відэа)

У Расіі людзі, якія называюць сябе праваслаўнымі актывістамі, напалі на музыкаў гурта Marilyn Manson.

Лідар грамадскага руху пад назвай "Божая Воля" Зміцер Энтэо паведаміў на сваёй старонцы ў Twitter, што ён і іншыя актывісты закідалі яйкамі і аблілі святой вадой рок-спевака і яго калег. Інцыдэнт адбыўся каля маскоўскай гасцініцы, у якой пражываюць зоркі.

Дзеяч "Божай волі" заяўляе, што "Мэрлін Мэнсан вішчаў ад жаху" ад іх дзеянняў. Праўда, сам лідар гурта Браян Уорнэр на месцы інцыдэнту не прысутнічаў.

20 чэрвеня вышэйзгаданыя праваслаўныя актывісты звярнуліся да мэра расійскай сталіцы з просьбай забараніць канцэрт Мэнсана, запланаваны на 27 чэрвеня. У гэты ж дзень прадстаўнікі канцэртнага агенцтва "Млын", якое займаецца арганізацыяй гэтага мерапрыемства, заявіла "Ленте.Ру", што зварот ініцыяваны "адным з самых вядомых міжнародных піяр-агенцтваў" для прыцягнення ўвагі да постаці спевака.

Фота: dpaperwall.com