У Рызе прайшлі закрытыя кансультацыі па беларускай АЭС

Кансультацыі па беларускай АЭС у Рызе прайшлі без удзелу грамадскасці. Гэатага запатрабавала беларуская афіцыйная дэлегацыя, паведамляе БелаПАН. Першапачаткова Міністэрства навакольнага асяроддзя Латвіі планавала праводзіць кансультацыі з удзелам грамадскасці. Аднак чальцы беларускай афіцыйнай дэлегацыі запатрабавалі праводзіць кансультацыі толькі з беларускім Мінпрыроды.

Гэтае патрабаванне прагучала адразу пасля таго, як у залу ўвайшлі прадстаўнікі Грамадскай экалагічнай экспертызы (ГЭЭ) беларускай АЭС Таццяна Новікава і Андрэй Ажароўскі.

Таму спярша ішлі закрытыя кансультацыі, пасля чаго ў залу была дапушчаная прэса і прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый. Потым эксперты Міністэрства навакольнага асяроддзя Латвіі правялі асобныя кансультацыі з прадстаўнікамі латвійскай грамадскасці і ГЭЭ беларускай АЭС.

Латвійскі бок афіцыйна прыняў да разгляду выснову Грамадскай экалагічнай экспертызы беларускай АЭС, дзе даецца негатыўная ацэнка праекту АЭС.