У "Сілічах" снегаход выратавальнікаў збіў лыжніка

У гарналыжным цэнтры "Сілічы" выратавальніцкі снегаход збіў лыжніка. Трагедыя адбылася ўвечары 15 студзеня.  Як паведаміў Еўрарадыё дырэктар комплексу Сяргей Шайко, снегаход выратавальнікаў ехаў па выкліку да дзіцяці, якому стала кепска. Аднак на трасе снегаход выехаў насустрач лыжніку і сноўбардысту. Сутыкнення з адным удалося пазбегнуць, з другім — не.

Шайко: Уварочваўся ад сноўбардыста, а сутыкнуўся з лыжнікам. Хуткасць невялікая была — далей ён увярнуцца не мог. Гэта пакуль першае тлумачэнне, астатняе будзе пазней.

Па словах дырэктара "Сілічаў", пацярпелы лыжнік знаходзіцца ў лякарні ў Бараўлянах. На месцы здарэння працуе міліцыя, якая высвятляе ступень віны ўдзельнікаў.