У Сойме Літвы прынялі заяву па Беларусі

Камітэт Сойма Літвы па замежных справах 22 снежня прыняў заяву па падзеях у Мінску. У заяве змешчанае патрабаванне неадкладна вызваліць затрыманую падчас акцыі пратэсту грамадзянку Літвы Вольгу Маржэўскую і іншых удзельнікаў мітынга. Выказваецца глыбокая заклапочанасць у сувязі з непрапарцыйным ужываннем сілы супраць мірных дэманстрантаў, паведамляе Delfi.lt.

Камітэт падтрымлівае высновы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе па выбарах прэзідэнта Беларусі. Нагадаем, 20 снежня АБСЕ заявіла, што не гатовая даць станоўчую ацэнку прэзідэнцкім выбарам у Беларусі, бо яны не адпавядалі стандартам арганізацыі.