У сталіцы адкрылася прэзентацыя актуальнага беларускага мастацтва

"Беларускі павільён 53 Венецыянскай Біенале" адкрыўся 3 чэрвеня ў Мінску ў "БелЭкспа". Гэта ўнікальны арт-праект, у рамках якога ўпершыню ў нашай краіне будзе зробленая спроба маштабнай і паслядоўнай прэзентацыі актуальнага беларускага мастацтва.
Як нагадвае сайт podzemka.by, сёлета Беларусь у чарговы раз не ўвайшла ў лік 77 удзельнікаў найбуйнешага сусветнага агляду дасягненняў сучаснага мастацтва — Венецыянскай Біенале. Паводле задумкі арганізатараў, адкрыццё ў Мінску неафіцыйнага "Беларускага павільёна", якое па часе супадае з пачаткам сусветнага арт-форума ў Венецыі, мусіць прадэманстраваць, што актуальнае беларускае мастацтва — не міф, а маштабная з'ява, якая заслугоўвае прызнання не толькі на радзіме, але і ў замежжы.

У экспазіцыі "Павільёна", уваход у які, дарэчы, бясплатны, прадстаўленыя творы 30 беларускіх мастакоў, скульптараў і фатографаў, якія працуюць у розных накірунках актуальнага мастацтва.