У Століне згарэў дрэваапрацоўчы цэх (фота)
Пацярпелых не было.
Увечары 11 жніўня ў Століне дашчэнту згарэў дрэваапрацоўчы цэхпа вуліцы Чырвонаармейскай. Пажарных выклікаў відавочца здарэння ў 16.59. Дах будынку быў ахоплены агнём на плошчы 700 квадратных метраў, на адкрытай пляцоўцы ў 30 метраў ад будынку гарэлі піламатэрыялы, была пагроза распаўсюджання пажару на суседнія будынкі.
Тэрыторыя цэха ахоўвалася вартаўніком, які на момант узгарання быў на абыходзе.
У выніку пажару знішчаны шыферны дах на плошчы 400 квадратных метраў і металічны дах на плошчы 800 квадратных метраў. Таксама згарэла абсталяванне ў цэхах, а на адкрытай пляцоўцы знішчана 200 кубаметраў вырабаў з драўніны. Пацярпелых няма.
Прычына пажару высвятляецца. Разглядаюцца версіі неасцярожнага абыходжання з агнём, парушэння правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання, парушэння тэхналагічнага працэсу падчас работ, паведамляе прэс-служба МНС.


