У Свіслачы два пенсіянеры атруціліся ў парылцы гарадской лазні

Паведамленне выратавальнікам паступіла з раённай бальніцы, куды з гарадской лазні даставілі дваіх пацярпелых. Як высветлілася, першымі ў гэты дзень папарыцца прыйшлі пенсіянеры ва ўзросце 66 і 63 гадоў. Адзін з іх - жыхар райцэнтра, а другі жыў у вёсцы Пацуі. Мужчыны зайшлі ў парылку прыкладна ў 10.20, а ўжо праз паўгадзіны супрацоўнік лазні знайшоў іх без прытомнасці. Ён і выклікаў хуткую дапамогу.

Пенсіянераў даставілі ў бальніцу з папярэднім дыягназам "атручэнне чадным газам". Ад чаго адбылося пагаршэнне самаадчування наведвальнікаў, высвятляецца. Жыхар Свіслачы ужо пераведзены ў тэрапеўтычнае аддзяленне. Другі пенсіянер знаходзіцца ў рэанімацыі, яго стан ацэньваецца як задавальняючы, паведамляе БелТА.