У Венгрыі будзе платны доступ да публічнай інфармацыі

У Венгрыі прыняты новы абмежавальны закон аб доступе да публічнай інфармацыі. Такім чынам, урад Віктара Орбана усё больш абцяжарвае працу СМІ. Аплату будзе спаганяць як урад, так і органы мясцовага самакіравання, паведамляе Польскае прэсавае агенцтва.

Кіруючая кансерватыўная партыя Fidesz прэм'ера Орбана сцвярджае, што закон неабходны, таму што журналісты і недзяржаўныя арганізацыі часта дамагаюцца ад улады вялікай колькасці інфармацыі. А гэта нібыта абцяжарвае чыноўнікаў дадатковай вялікай працай.


Арганізацыя па барацьбе з карупцыяй Transparency International, венгерскія інфармацыйныя парталы і актывісты руху абароны правоў чалавека лічаць, што гэты закон абмяжуе свабодны доступ да важнай для грамадства інфармацыі.  

Невялікая левацэнтрысцкая група Egyutt, якая ў парламенце Венгрыі ўваходзіць у блок з апазіцыйнай Венгерскай сацыялістычнай партыяй, дэкларавала намер аспрэчыць новы закон у Канстытуцыйным трыбунале. Але сацыялісты не падтрымалі гэтай ініцыятывы і ў выніку ў групы не атрымалася сабраць дастатковую колькасць подпісаў ад дэпутатаў (іх патрабавалася 50).

Фота: Flickr.com