У Віцебску міліцыянты абакралі п’янага
Трое супрацоўнікаў міліцыі з Віцебску асуджаныя за тое, што знялі грошы з карткі затрыманага імі чалавека.
Міліцыянты падабралі на вуліцы нецвярозага мужчыну, які паводзіўся неадэкватна. Як патлумачылі самі праваахоўнікі, канверт з пластыкавай карткай і паперкай, дзе быў пазначаны пін-код, выпаў з кішэні п’янага. Міліцыянты знялі з карткі ўсё што там было і падзялілі на трох. Картку незаўважна вярнулі гаспадару і нават падвезлі яго дадому.
Калі мужчына праспаўся, што сам звярнуўся ў міліцыю. Злодзеяў вылічылі хутка: камера відэаназірання зафіксавала, як яны здымалі грошы ў банкамаце. Цяпер яны будуць адбываць пакаранне ў выпраўленчай установе адкрытага тыпу і цягам пяці год не змогуць працаваць у міліцыі, паведамляе сайт “Народныя навіны Віцебска”.