У Віцебску плануюць "расфарбаваць" пешаходныя пераходы

Крэатыўныя віцебскія даішнікі маюць чарговую нестандартную ідэю. У хуткім часе віцебскія пешаходныя пераходы будуць абазначаны не толькі традыцыйнай "зебрай" і дарожнымі знакамі, але і ... каляровымі ліхтарамі. Паводле начальніка абласной ДАІ Сяргея Матаронка, такім чынам мяркуецца прыцягнуць дадатковую ўвагу кіроўцаў да пераходаў і зрабіць іх бачнымі здалёк. Матаронак: Запланавана дадаткова абазначыць пешаходны пераход пучком святла, напрыклад, фіялетавага ці чырвонага колеру, што будзе бачны ў любы час, таксама і ў светлы час сутак. Гэта для кіроўцаў будзе дадатковая інфармацыя.

У мінулым годзе віцебскія даішнікі праславіліся тым, што намалявалі на небяспечных у плане ДТЗ месцах ланцужкі белых слядоў, што вялі да намаляванай жа "крывавай плямы". Людзі з таго крэатыву смяяліся ці  жахаліся, але тым не менш колькасць аварый на праблемных месцах істотна знізілася.