У Віцебску ўпершыню абралі першую прыгажуню Інтэрнэту

У Віцебску завяршыўся першы конкурс "Міс Інтэрнэт-Віцебск", які праводзіла штодзённая непадцэнзурная інтэрнэт-газета “Народныя навіны Віцебску”. Паводле рэдактара сайта Сержука Серабро, адрозненне гэтага праекта ад звычайнага конкурсу прыгажосці ў інтэрактыўнасці.  Серабро: - Гэты конкурс - інтэрактыўны, у адрозненне ад іншых, дзе прафесійнае журы вызначае прыгажосць канкурсанткі па нейкіх акадэмічных крытэрыях. Тут ацэнка ідзе выключна ад сімпатый наведніка, які зайшоў на старонку і ўбачыў дзяўчын. На жаль, існуе такі нюанс, што інтэрнэт дазваляе прасіць галасаваць за тую ці іншую дзяўчыну. Атрымліваецца барацьба каманд падтрымкі, а не канкурсантак.

У першым інтэрнэт-конкурсе прыгажунь удзельнічалі 10 дзяўчат ад 18 да 28 гадоў. Тытул “Міс Інтэрнэт-Віцебск” атрымала мясцовая тэлежурналістка Наста Шупенік, якая дагэтуль ніколі не брала ўдзел ў конкурсах прыгажосці.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск