У Вільні адбылася акцыя салідарнасці з верай у "цуд"
Сёння апоўдні прадстаўнікі моладзевых арганізацый Літвы зладзілі на Кафедральнай плошчы сталіцы ля тратуарнай пліткі з надпісам "Цуд" акцыю салідарнасці.
Удзельнікі акцыі зачыталі заклікі, звернутыя да літоўскіх і еўрапейскіх ведамстваў, пра неабходнасць дапамагчы беларускім апазіцыйным сілам, якія апынуліся ў складаным становішчы пасля 19 снежня.
Кожны зварот чыталі як жаданне з верай у тое, што становішча ў суседняй краіне зменіцца да лепшага. Віленцы вераць, што калі ўстаць на плітку "Цуд", загадаць жаданне і тры разы павярнуцца, то яно здзейсніцца, перадае ELTA.