У Воранаўскім раёне расце колькасць захварэлых на трыхінелёз

Працягвае расці колькасць захварэлых на трыхінелёз у Воранаўскім раёне. На сённяшні дзень клінічныя прыкметы захворвання выяўлены ў 24 пацыентаў. Сярод іх чацвёра дзяцей. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на загадчыцу аддзелам эпідэміялогіі Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Таццяну Якусевіч.

Як паведамляла Еўрарадыё, першыя шэсць хворых (у тым ліку 10-гадовае дзіця) трапілі ў лякарню яшчэ 6 лістапада. Ва ўсіх іх былі выяўленыя клінічныя праявы захворвання. Да 8 лістапада ў інфекцыйным аддзяленні Воранаўскай раённай лякарні былі ўжо 13 хворых. Цяпер жа іх стала на 11 чалавек больш.

Галоўны ўрач Воранаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандр Ануфрыеў кажа, што пацыенты ўжо адчуваюць сябе здавальняюча, першыя захварэлыя папраўляюцца, цяжкіх выпадкаў і ускладненняў ні ў каго не выяўлена. Адна з двух цяжарных жанчын, якія таксама заразіліся і праходзілі абследаванне ды лячэнне ў Гродзенскай абласной інфекцыйнай бальніцы, выпісана з стацыянара.

Паведамляецца, што ўсе людзі, захварэлыя на трыхінелёз, былі на памінках, якія арганізаваў жыхар вёскі Свілы, паляўнічы. Мяркуецца, што крыніцай заражэння стала мяса дзіка, забітага на несанкцыянаваным паляванні. Аднак пацыенты адмаўляюць, што елі неправеранае мяса дзіка, спрабуючы пазбегнуць адказнасці. Праверку па факце масавага заражэння трыхінелёзам праводзіць Воранаўскі РАУС.

Здымак з архіву. Фота — Fotolia