У вязня КДБ Буланава баляць суставы з-за катаванняў?
3 сакавіка Клаўдзіі Буланавай удалося прарвацца да доктара следчага ізалятара. Доктарка прызналася, што робіць вязню ўколы, каб ацёк ног спаў.
Пасля прызнанняў экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча пра катаванні ў турме КДБ з мэтай схіліць да супрацоўніцтва, сваякі палітвязняў сталі па-іншаму інтэрпрэтаваць некаторыя звесткі, што прабіваюцца з-за кратаў, паведамляе "Наша Ніва".
З цыдулак палітвязня Змітра Буланава было вядома, што пасля арышту ў яго "пачалі балець суставы ног". Хлопец некалькі дзён не падымаўся з турэмнага ложка.
Тыдзень таму становішча Буланава нібыта палепшала, але, як выявілася, цяпер яму зноў стала горш. З ложка хлопец зноў не падымаецца, і пры гэтым у турэмны шпіталь яго не кладуць.
Гэта стала вядома, бо 3 сакавіка маці вязня Клаўдзіі Якубаўне Буланавай удалося прарвацца да доктара следчага ізалятара.
Доктарка прызналася, што робіць вязню ўколы, каб ацёк ног спаў. Дыягназ, са словаў маці, яшчэ ня вызначаны.
У той жа час КДБ не пагадзілася змяніць Буланаву меру стрымання.