У ЗША маленькі сабака загнаў на дрэва вялікую пуму

На адной з фермаў у амерыканскім штаце Дакота дзікая пума залезла на дрэва, бо спужалася брэху сабакі. Жывёліну, вагой у 68 кілаграмаў, якая была большая за сабаку ў 10 разоў, знайшоў гаспадар фермы. Пёс паслухмяна сядзеў пад дрэвам і вартаваў “здабычу”. Як распавёў потым фермер, ягоны сабака па мянушцы Стрэндж увесь час заганяе на дрэва котак. І, відаць, ён прыняў пуму за вялікага ката. Дарэчы, гэта не першы выпадак у ЗША, калі хатні гадаванец заганяе на дрэва небяспечнага драпежніка. У 2006 годзе звычайны руды кот Джэк напужаў мядзведзя. Калі звер спусціўся з дрэва, кот адразу ж загнаў яго на іншае. Уратавацца мядзведзь здолеў толькі пасля таго, як гаспадар забраў ката дадому, апавядае ВВС.