UB40 працягвае губляць удзельнікаў

Праз два месяцы пасля сыходу вакаліста Алі Кэмпбэла брытанскі регей-калектыў UB40 страціў яшчэ аднаго ўдзельніка: пра сваё рашэнне выйсці з складу гурта заявіў клавішнік Майкл Вірту, адзін з фундатараў каманды-ветэрана. У якасці прычыны музыка называе незадаволенасць дзейнасцю мэнэджмэнту UB40 - у прыватнасці, кіраваннем фінансамі.

Па словах музыкі, ён «вельмі расчараваны» тым, што змушаны пакінуць гурт, аднак не бачыць іншага выйсця. «Я не жадаю больш працягваць супрацоўніцтва з камандай, якая займаецца мэнэджмэнтам UB40", - кажа Вірту ў сваёй заяве. Ён мае намер далучыцца да Алі Кэмпбэла ў расследаванні фінансавай дзейнасці гурта.

«Вядома, мне вельмі шкада пакідаць гурт, які за 30 гадоў паспеў ператварыцца ў маю сям'ю, - працягвае клавішнік. - Але ў гэтых абставінах гэта адзінае правільнае рашэнне. Я расчараваны тым, як у апошні час складаюцца справы калектыву і маю намер разабрацца ў тым, што адбываецца. Нядаўна мы з Алі Кэмпбелам нанялі адвакатаў, якія дапамогуць нам у гэтай справе».

Нагадаем, што вакаліст UB40 абвясціў пра свой выхад з гурта ў студзені гэтага года, таксама спаслаўшыся на нейкія праблемы з мэнэджмэнтам.

У сваю чаргу, мэнэджмэнт, наадварот, заявіў, што сыход музыкі звязаны з яго жаданнем прысвяціць сябе сольнай кар'еры. Апошні выступ UB40 з удзелам Кэмпбэла адбыўся 24 лютага ў сталіцы Уганды Кампале.

Заснаваны ў 1978 годзе ў Бірмінгеме гурт UB40 з'яўляецца адным з самых папулярных регей-калектываў свету. За сваю кар'еру музыкі выпусцілі больш за два дзесяткі альбомаў, агульны тыраж якіх на сённяшні дзень складае больш за 70 мільёнаў копій.

Некалькі сінглаў каманды, уключаючы «Red Red Wine», «I Got You Babe» і «Can't Help Falling In Love», у розныя гады ўзначальвалі брытанскі чарт.

Фота: www.rockgeroy.ru