Участковых міліцыянтаў будуць прызначаць са згоды выканкама

У Пінску ўчастковых міліцыянтаў будуць прызначаць са згоды выканкама.  Падрабязнасці гэтага новаўвядзення даведаўся наш карэспандэнт Глеб Паўлоўскі:

"Справа ў тым, што Пінск з’яўляецца лідарам у Брэсцкай вобласці па колькасці злачынстваў. Летась на 10 тысяч жыхароў горада было зафіксавана 190 злачынстваў (у вобласці ў сярэднім 135 злачынстваў).

Каб пераламіць сітуацыю ў лепшы бок, мясцовыя ўлады звярнулі ўвагу на працу ўчастковых міліцыянтаў. Таксама выканкам зоймецца кадрамі. Раней учасковымі станавіліся тыя міліцыянты, якія не выявілі здольнасцяў у іншых службах міліцыі. Цяпер усе кандыдатуры будзе зацвярджаць выканкам".


Таксама ў Пінску за кожным апорным пунктам міліцыі горада замацавана прадпрыемства-спонсар. Усе ўчастковыя, якія маюць патрэбу ў жыллі, атрымаюць службовыя аднапакаёўкі.