Учора ў Мінску прайшла “Ноч музеяў”

У межах міжнароднай акцыі "Ноч музеяў" адбыліся святочныя імпрэзы ў Мінску.
У музеі Максіма Багдановіча імпрэза "Начная феерыя" распачалася паказам батлеечнага спектакля.

Менавіта супрацоўнікі гэтага музея і яго сталічнага філіяла "Беларуская хатка" на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя аднавілі ў Мінску старажытны лялечны тэатр.

Пасля спектакля дзеянне перамясцілася на святочную пляцоўку перад уваходам у будынак музея, узведзены ў стылі мадэрн.

Тут прагучалі песні вядомых і маладых беларускіх музыкаў Алеся Камоцкага, Андрэя Баранава, Паўла Кузіча і Эдуарда Хейдарава.


Супрацоўнікі музея гісторыі і культуры прапанавалі наведвальнікам святочную праграму "Заняткі і адпачынак беларусаў у розныя часы".

У адной залі можна было згуляць у шахматы фігурамі, зробленымі па старажытных узорах, з дзяржаўным трэнерам Беларусі па шахматах міжнародным майстрам Яўгенам Мачалавым, у другой — даведацца пра сакрэты прыгатавання старабеларускіх страў XVIII стагоддзя, у трэцім — прачытаць пасланне далёкіх продкаў.

Акрамя таго, супрацоўнікі музея падрыхтавалі спектаклі тэатру ценяў і батлейкі.

У Нацыянальным мастацкім музеі прайшло святочнае дзеянне "Пад маскай ночы".

Наведвальнікі, якія прыходзілі ў масках, зробленых сваім рукамі, атрымлівалі бясплатны білет. А ў фінале свята была абраная лепшая маска ночы, аўтар якой атрымаў прыз.

Увесь час у фае граў джазавы калектыў "Chiefs band", а ў новым будынку музея гучаў электрахаўс ад мінскага ды-джэя Pasha Pioneer.

Ідэя міжнароднай ініцыятывы "Ноч музеяў" належыць супрацоўнікам парыжскага Луўра. З 1999 года да яе далучылася больш за 2.000 музеяў Еўропы.

БелаПАН