Учора ў Мінску прайшла традыцыйная акцыя салідарнасці

Вечарам 16 кастрычніка ў цэнтры Мінска прайшла штомесячная акцыя салідарнасці з рэпрэсаванымі і сем'ямі зніклых палітыкаў.
14 актывістаў ствараемага руху "Маладая Беларусь" прыкладна ў 18.30 сталі ланцужком на Кастрычніцкай плошчы сталіцы каля знака "нулявы кіламетр".

Яны трымалі партрэты двух з чатырох вядомых людзей у Беларусі, якія бясследна зніклі, — палітыка Юрыя Захаранкі і тэлежурналіста Дзмітрыя Завадскага. Пікетчыкі таксама трымалі фота актывісткі апазіцыі Таццяны Цішкевіч.

За акцыяй назіралі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, якія здымалі яе ўдзельнікаў на відэакамеру, але не перашкаджалі правядзенню пікета. Падчас акцыі стала вядома, што адзін з лідэраў моладзевага дэмакратычнага руху Артур Фінькевіч быў затрыманы непадалёку ад месца яе правядзення).

У ходзе самой акцыі ніхто затрыманы не быў. Пазней Фінькевіча адпусцілі за межамі Мінска, паведамляе БелаПАН.