Удзельнікі хору "Адраджэньне" ўшанавалі памяць Максіма Багдановіча

25 траўня, у дзень памяці Максіма Багдановіча (09.12.1891 — 25.05.1917), класіка беларускай літаратуры ўшанавалі ўдзельнікі хору "Адраджэньне". Яны паклалі кветкі да месца на плошчы Парыжскай камуны ў Мінску, дзе раней стаяў помнік паэту, а таксама да мемарыяльнай дошкі, усталяванай на доме № 25 па вуліцы М.Багдановіча. У акцыі, прысвечанай 91-м угодкам з дня смерці паэта, прынялі ўдзел 10 чалавек. Яны прымацавалі бела-чырвона-белы сцяжок, бела-чырвона-белыя стужачкі і бела-чырвона-белыя кветкі, а таксама партрэт паэта да сеткі, якая агароджвае будаўнічую пляцоўку перад будынкам опернага тэатра. Каля запаленай лампады харысты чыталі вершы М.Багдановіча і выканалі песні на словы паэта — "Зорка Венера" і "Пагоня".

Прысутны міліцыянт не перашкаджаў правядзенню цырымоніі памінання. Будаўнікі паведамілі ўдзельнікам хору, што неўзабаве помнік паэту вернецца на пастамент у іншай частцы сквера, якая прымыкае да вуліцы М.Багдановіча.

БелаПАН