Украіна будзе пастаўляць нам электраэнергію

"Мы здымаем усе ўзаемныя антыдэмпінгавыя расследаванні і ўсе абмежаванні і пераходзім да канструктыўнай працы", — заявіла прэм'ерка Ўкраіны Юлія Цімашэнка паcля перамоваў з Сяргеем Сідорскім у Кіеве 12 чэрвеня.

Прэм'еры таксама падпісалі міжурадавае пагадненне аб бязвізавым рэжыме, у межах якога будзе спрошчана працэдура рэгістрацыі грамадзян пры ўзаемных паездках. Дакумент прадугледжвае, што трохдзённы тэрмін знаходжання грамадзян Украіны на тэрыторыі Беларусі без неабходнасці рэгістрацыі будзе павялічаны да 30 дзён.

Прэм'еры дамовіліся аб аднаўленні паставак украінскай электраэнергіі ў Беларусь. Кантракт на пастаўку пачынае дзейнічаць 12 чэрвеня, паведаміў Сідорскі.

Кантракт на пастаўку ўкраінскай электраэнергіі быў падпісаны ў маі 2009 года. Беларусь гатова імпартаваць у 2009 годзе 750 млн. кВт.ч.

БелаПАН