Украінцы пачалі расследаванне супраць Гомельскага хімічнага заводу

Вытворцы складаных угнаенняў ва Ўкраіне дамагліся ад Кіева пачатку расследавання ў дачыненні імпарцёраў з Беларусі і Расіі. У ліку падазроных ад Беларусі апынуўся Гомельскі хімічны завод, піша "Ежедневник". Аб пачатку расследавання абвешчана ва ўрадавым выданні "Урядовый курьер". Гаворыцца, у прыватнасці, што імпарт угнаенняў прычыніў значную шкоду нацыянальным вытворцам. Асноўныя пастаўшчыкі NPK-угнаенняў ва Ўкраіну – гэта расійскія "Еўрахім", "Акрон" і "Мінеральныя ўгнаенні", а таксама беларускі Гомельскі хімзавод.

Расследаванне пачатае на падставе заявы Саюза хімікаў Украіны. Украінскія вытворцы ўпэўненыя, што ў Беларусі і Расіі дзяржавай датуецца закуп сыравіны – апатытавага канцэнтрату і хлорыстага калія. У выніку гэтага сабекошт NPK-угнаенняў у Беларусі і Расіі атрымліваецца на 30% менш, чым ва Ўкраіне.

У сваёй заяве ўкраінскія вытворцы просяць увесці антыдэмпінгавую пошліну на імпарт у памеры 30% мытнага кошту альбо ўсталяваць імпартную квоту на год у аб'ёме 100 тыс. тон.